Рыма-Каталіцкая парафія

Маці Божай Бялыніцкай

"Ружанец гэта якар, пры дапамозе якога Марыя ловіць паддатлівых на спакусы i трымае пры сабе, каб іх не заліла хваля."
св. Юзаф Себасц’ян Пельчар

Тэма Саракагадзіннга набажэнства ў Бялынічах: Містычныя перажыванні Эўхарыстыі паводле Каталіны Рівас. Канферэнцыі правядзе кс. Вадзім Сурвіла.

З 8 па 10 верасня, непасрэдна перад сёлетнім фэстам Маці Божай Бялыніцкай, у Бялынічах, што на Магілёўшчыне, адбудзецца Саракагадзіннае набажэнства, узяць удзел у якім запрашаем валанцёраў з усёй Беларусі.

Саракагадзіннае набажэнства мае вялікае духоўнае значэнне і з’яўляецца сапраўдным малітоўным скарбам супольнасці Касцёла.

З даўніх часоў набажэнства было распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі і асабліва ў славутым санктуарыі Маці Божай у Бялынічах, дзе захоўвалася адна з самых шанаваных на нашых землях цудатворных ікон Найсвяцейшай Панны Марыі, каранаваная папскімі каронамі 20 верасня 1761 г.

«Наша парафія зусім невялікая па колькасці вернікаў. Таму шчыра запрашаем усіх людзей добрай волі далучацца да нас і ўдзельнічаць у Саракагадзінным набажэнстве, падчас якога сорак гадзін запар будзе выстаўлены Езус Хрыстус у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Запрашаем вас адгукнуцца на нашую просьбу і быць духоўным валанцёрам падчас гэтага набажэнства.

Калі хочам захаваць і ўмацаваць нашу хрысціянскую тоеснасць, то мы павінны зноў даверыць лёс нашага народа Марыі Каралеве Беларусі, адначасова просячы ў Бога прабачэння за ўчыненыя грахі і прабачаючы ўсе спазнаныя крыўды на працягу вякоў», — падкрэслівае пры гэтым душпастыр бялыніцкай парафіі.

«Праз адарацыю Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце мы хочам выпрасіць у Бога патрэбную дапамогу ў развіцці нашай парафіі і Касцёла на Магілёўшчыне.

Таму ўзнікла ідэя вярнуцца да першакрыніцы ўсіх ласкаў — да Езуса. Да Езуса, скрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце», — гаворыць святар.

«Падчас гэтага набажэнства мы найперш хочам перапрасіць Бога за свае грахі і за грахі тых, хто ў іх не каецца. За грахі разбурэння святыні ў Бялынічах, за грахі святароў і супраць святароў, за грахі вернікаў і супраць вернікаў, за ўсе святатацтвы і знявагі Божага імені, а таксама за ўсе блюзнерствы супраць Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых.

Саракагадзіннае набажэнства распачнецца 8 верасня святой Імшой а 18:30-й гадзіне.

Цэлебрацыю ўзначаліць пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме кс. Вадзім Сурвіла.

Святая Імша ў суботу 9 верасня адбудзецца таксама а 18:30-й гадзіне.

Набажэнства скончыцца ў нядзелю 10 верасня ўрачыстай святой Імшой, цэлебрацыю якой а 15-й гадзіне ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Жадаючыя ўзяць удзел у Саракадзінным набажэнстве ў Бялынічах праходзяць электронную рэгістрацыю ТУТ>>> (https://docs.google.com/forms/d/1IJw-b2ag2nyHJ3NDHSo5y1YAEK3W-r1SndublueWu4M/viewform?edit_requested=true)

Пры электроннай рэгістрацыі можна выбраць зручныя для сябе гадзіны адарацыі, каб арганізатары мелі магчымасць падрыхтаваць адпаведныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў. Ёсць магчымасць начлегу ў Бялынічах.

Каляндар свят

Нашы сябры