Рыма-Каталіцкая парафія

Маці Божай Бялыніцкай

"Марыя, як светлая зара, якая разсейвае цемру ночы, запальвае святло веры, заклікае да збаўлення наш загублены ў неспакоі і роспачы свет."
Папа Павел VI

Сакраманты

Сакрамант Хросту

Сакрамант Канфірмацыі

Сакрамант Эўхарыстыі

Сакрамант пакаяння і паяднання

Сакрамант Намашчэння хворых

Сакрамант сужанства


 

 

Сакрамант Хросту

«Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Хто паверыць і ахрысціцца – будзе збаўлены» (гл. Мц 28, 19; Мк 16,15.16), – гэтымі словамі Пан Езус устанавіў першы з сямі сакрамэнтаў – сакрамэнт святога хросту. Толькі пасля прыняцця хросту можам прымаць іншыя сакрамэнты.

Праз святы хрост Пан ачышчае нас ад заганы першароднага граху, адпускае ўсе правіны, учыненыя да хрышчэння, удзяляе надпрыродны дар Божай асвячальнай ласкі, адраджае да новага жыцця дзяцей Божых, акрамя таго, праз хрост людзі далучаюцца да супольнасці люду Божага – Касцёла.

Звычайна ўдзяляе сакрамэнт хросту святар альбо дыякан, а ў выпадку небяспекі смерці, калі няма святара, ахрысціць можа кожны чалавек.

Імя, якое даецца пры хрышчэнні, павінна быць імем святога альбо святой, каб ахрышчаны меў прыклад для наследавання і свайго заступніка ў Бога.

Хрост – гэта толькі пачатак, які патрабуе далейшага развіцця, пераходу ў таямніцу хрысціянскай веры і да жыцця паводле прынятай веры. Гэта – абавязак бацькоў, хросных і самаго ахрышчанага.

Што трэба ведаць бацькам, перад тым як папрасіць святара аб хрышчэнні?

Дзіця павінна быць ахрышчана ў парафіяльным касцёле ў хуткім часе пасля нараджэння.Калі дзіця знаходзіцца ў небяспецы смерці, то павінна быць адразу ахрышчана нават свецкай асобай, з выкарыстаннем скарочанай формулы. (“імя дзіцяці – нр. Уладыслаў” я хрышчу цябе у Імя Айца і Сыны і Духа Святога. Амэн) Калі гэта дзіця выздаравее, то бацькі павінны прынесці яго да касцёла, каб дапоўніць хрост і адзначыць факт хросту ў парафіяльных кнігах.

Сакрамэнт хросту прымаем у сваей уласнай парафіі, альбо хрысцім дзяцей

  • Бацькі абавязаны прынамсі за тыдзень прыйсці ў касцёл на размову са святаром (пробашчам), каб абмеркаваць усе справы, вынікаючыя з хросту дзіцяці.
  • Прынесці пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і свае пашпарты.
  • Прадставіць кандыдатаў на хросных бацькоў.

Хросныя бацькі

Для кожнага дзіцяці бацькі выбіраюць хросных маці і бацьку. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі духоўнай сям’і дзіцяці. Пры неабходнасці дапамагаюць бацькам у выхаванні дзіцяці ў веры і хрысціянскай маральнасці. Падчас хросту вызнаюць веру, таму ў якасці хросных бацькоў не могуць выступаць асобы, якія не могуць шчыра вызнаць сваю веру.

Хросныя бацькі павінны:

- мець не менш 16 гадоў і адчуваць адказнасць за даручаныя заданні;

- Хросныя бацькі павінны быць практыкуючымі католікамі, (як выключэнне, можа быць адзін католік), якія ўжо прынялі сакрамэнт канфірмацыі.

- Хроснымі бацькамі не могуць быць тыя, хто жыве ў несакрамэнтальным сужэнстве. Ёсць старая традыцыя, што хросны бацька падрыхтоўвае прыгожую свечку для хросту (можна набыць у касцёле), а маці - белую вопратку, і прыносяць усё гэта на літургію хросту.

Літургія хросту

На першым спатканні бацькі павіны дамовіцца са святаром аб катэхезе, на якой даведаюцца аб самым абрадзе хросту, як ён выглядае, што трэба рабіць, на якія пытанні і як адказываць.

У літургіі хросту павінны браць удзел маці і бацька, бо выконваюць важнае заданне: публічна просяць аб хросце дзіцяці, пазначаюць яго чало знакам крыжа, адракаюцца ад сатаны і вызнаюць сваю веру ў адзінага і сапраўднага Бога, а таксама атрымліваюць спецыяльнае благаслаўленне.

Урачыстасць, якую бацькі арганізоўваюць для хросных, родных, сяброў і прыяцеляў з нагоды нараджэння дзіцяці для Хрыста, павінна мець хрысціянскі характар. Такім чынам бацькі могуць сведчуць аб сваёй прыналежнасці да Касцёла.

Каб хрост свайго дзіцяці перажыць у духу ўдзячнасці Богу за Яго вялікі дар і паяднацца з асвячаным праз хрост дзіцём у любові Хрыста, бацькі, а таксама хросныя, родныя і сябры, якія ўдзельнічаюць ва ўрачыстасці (пасля прыняцця сакрамэнту пакаяння) павінны прыступіць у гэты дзень да святой Камуніі.

Пасля ўдзялення хросту бацькі, удзячныя Богу і верныя сваім абавязкам, павінны давесці дзіця да пазнання Бога, навучыць маліцца, прыводзіць на заняткі рэлігіі і падрыхтаваць да першай святой Камуніі і сакрамэнту канфірмацыі.


 

 

Сакрамант Канфірмацыі

У Дзеях Апостальскіх чытаем: «Апосталы ж, што былі ў Ерузалеме, пачуўшы, што Самарыя прыняла Слова Божае, паслалі ім Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, (бо Ён на нікога яшчэ не зышоў, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Пана Езуса). Тады яны ўсклалі на іх рукі, і тыя прынялі Духа Святога» (пар. Дз 8,14-17).

Сакрамэнт бежмавання – гэта сакрамэнт сталасці. У ім Езус Хрыстус удзяляе ахрышчаным Духа Святога, які ў дзень Пяцідзесятніцы быў праз Яго спасланы на Апосталаў. Праз гэты дар Духа Святога вернікі яшчэ больш упадабняюцца да Хрыста і ўмацоўваюцца, каб складаць Яму сведчанне і будаваць Яго Цела ў веры і любові. «Але вы не ў целе, а ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага не мае, той і не Ягоны» (пар. Рым 8, 9). Чалавек з’яўляецца хрысціянінам у такой ступені, у якой удзельнічае ў жыцці Хрыста, наколькі ёсць намашчаным Духам Святым, як Езус Хрыстус. Гэта ёсць Дух праўды і любові, Дух мужнасці для сведчання, Дух адказнасці за развіццё Касцёла і за прысутнасць Хрыста ў свеце. Праз сакрамэнт бежмавання хрысціянін атрымлівае незнішчальны знак вызнаўцы Хрыста, таму гэты сакрамэнт не паўтараецца.

Сакрамэнт бежмавання можа і павінен прыняць кожны ахрышчаны. Удзяляе гэты сакрамэнт біскуп. Бацькі абавязаны клапаціцца аб падрыхтоўцы дзяцей да сакрамэнтальнага жыцця праз фармаванне і паступовае ўмацаванне ў іх духа веры, а таксама праз непасрэдную падрыхтоўку да годнага прыняцця сакрамэнтаў бежмавання і Эўхарыстыі.

Пры бежмаванні павінен быць так званы сведка, выбраны кандыдатам да бежмавання альбо яго роднымі. Сведка павінен вызначацца прыкладным хрысціянскім жыццём. Сведкамі могуць быць хросныя і нават родныя бацькі кандыдата да бежмавання. У часе ўдзялення гэтага сакрамэнту сведка кладзе правую руку на правае плячо кандыдата ў знак таго, што ён будзе дапамагаць яму парадаю і чынам у жыцці, згодным з вызнаванаю вераю.

Да сакраманту канфірмаціі трэба адпаведна падрыхтавацца. У нашай парафіі падрыхтоўка адбываецца праз катэхізацыю. Моладзь якая хадзіла на падрыхтоўку да першай св. Камуніі пераходзіць у наступную групу дзе адбываецца працяг катэхізацыі яшчэ 4 гады. На заканчэнне катэхэзы адбываецца выпускны экзамен, які адначасова дапускае вучня да сакрамэнту, калі той яго здасць.


 

 

Сакрамант Эўхарыстыі

У часе Апошняй Вячэры Езус сеў за стол разам са сваімі вучнямі, каб спажыць з імі Пасху, але не толькі на знак успаміну выхаду Ізраэля з егіпецкай няволі, але ўжо на знак успаміну таго, што павінна было хутка стацца: на памяць аб сваёй смерці і змёртвыхпаўстанні як вызваленні ўсяго чалавецтва з няволі граху і смерці. «Вельмі захацелася Мне, – кажа Езус да сваіх вучняў, – есці з вамі гэтую Пасху перад тым, як буду цярпець» (пар. Лк 22, 15).

Езус павінен адысці з гэтага свету да Айца. Яго вучні і ўсе, хто дзякуючы іх слову будуць верыць у Яго, застаюцца тут на зямлі. Таму Езус падае ім хлеб як сваё Цела, выдадзенае за іх, і віно як сваю Кроў, пралітую за іх, загадваючы сваім вучням у будучым рабіць тое самае на ўспамін пра Яго.

«І, калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб і паблагаславіўшы, ламаў і даваў вучням, кажучы: Прыміце, ешце; гэта ёсць Цела Маё. І, узяўшы келіх і аддаўшы хвалу, падаў ім і сказаў: Піце з яго ўсе, бо гэта ёсць кроў Мая новага запавету, якая ліецца за многіх дзеля даравання грахоў» (пар. Мц 26, 26).

Гэтымі словамі Езус устанавіў Эўхарыстыю, Найсвяцейшы Сакрамэнт Свайго Цела і Сваёй Крыві. Абрадам гэтага сакрамэнту ёсць літургія святой Імшы, у часе якой пасля слоў святара адбываецца перамяненне хлеба і віна ў сапраўднае Цела і сапраўдную Кроў Езуса Хрыста. Так падчас кожнай св. Імшы ўзгадваецца і бяскроўным чынам здзяйсняецца Ахвяра Езуса Хрыста, складзеная за нас Богу на крыжы. Так сам Езус, прысутны ў ахвяры св. Імшы, заступаецца за нас перад Богам Айцом, а ў святой Камуніі становіцца для нас пасілкам. Памерлы і ўваскрослы Хрыстус яднаецца з намі, умацоўвае нас, лечыць, каб мы не паддаваліся спакусе, і робіць нас здольнымі да новага хвалебнага жыцця.

Гэтак, як хрост, Эўхарыстыя з’яўляецца сакрамэнтам будавання Касцёла. Касцёл як супольнасць любові развіваецца і будуецца ў залежнасці ад любові, якая існуе паміж вызнаўцамі Езуса. Таму святы Ян Евангеліст апісвае Апошнюю Вячэру як вячэру любові. Ён пачынае ад сцвярджэння, што Езус, «палюбіўшы сваіх, што на свеце, да канца палюбіў іх» (парн. Ян 13,1), і таму як запавет даў нам сваю новую запаведзь, каб мы любілі адзін аднаго, як Ён палюбіў нас (пар. Ян 13,34).

Прымаць удзел у святой Імшы і прымаць святую Камунію у нашай парафіі можна падчас кожнай Эўхарыстыі, аднак трэба памятаць, што нельга мець цяжкіх (смяротных) грахоў.

Каб падрыхтаваць дзяцей да першай св. Камуніі трэба не пазней, як на пачатку верасня звярнуца да пробашча, каб запісаць дзіця на катэхезу.


 

 

Сакрамант пакаяння і паяднання

«Тыя, хто прыступае да сакрамэнту пакаяння,
атрымліваюць ад Божай міласэрнасці прабачэнне за знявагу,
учыненую Богу, і адначасова яднаюцца з Касцёлам,
якому праз грэх нанеслі рану
і які прычыняецца да іх навяртання любоўю, прыкладам і малітваю»

(LG, 11 - Канстытуцыя пра Касцёл II Ватыканскага Сабору).

Усе людзі, у тым ліку і хрысціяне, грашаць і маюць за гэтага пачуццё віны, бо нават пасля святога хросту чалавеку цяжка засцерагчыся ад маральнага зла: «Калі кажам , што немаем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (пар. 1Ян1,8).

Грэх - гэта не толькі свядомае і добраахвотнае парушэнне Божай запаведзі альбо касцёльнага наказу; гэта не толькі канфлікт з сумленнем. Грэх - гэта адыход ад Бога, парушэнне годных узаемаадносінаў паміж чалавекам і Богам, чалавекам і супольнасцю Касцёла. Гэта асабістая абраза бясконцай велічы Бога і Яго Айцоўскага Сэрца.

Як перамагчы зло, калі яно нас апанавала? Як вярнуць страчаную сувязь з Богам і з Касцёлам? Вось жа, Езус Хрыстус - «ахвяра прабачэння за грахі нашыя» (пар. 1 Ян 2, 2). Ён прабачае нам правіны ва ўстаноўленым Ім самім сакрамэнце пакаяння. «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца», - сказаў Езус апосталам і іх наступнікам (пар. Ян 20,22-23). 3 волі Хрыста словы адпушчэння грахоў прамаўляе ў канфесіянале святар, менавіта там адбываецца спатканне грэшнага чалавека з Хрыстом, які прабачае і які жыве ў Касцёле.

Для адпушчэння грахоў і паяднання з Богам і Касцёлам у сакрамэнце пакаяння патрэбны пяць умоваў (рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдае пастанаўленне выправіцца, шчырая споведзь і выпраўленне крыўды Богу і бліжняму). Аднак найважнейшымі і асноўнымі ўмовамі атрымання гэтай ласкі ёсць вера і любоў да Хрыста ў спалучэнні са шкадаваннем за грахі і пастанаўленнем навяртання да Бога.

Каб атрымаць прабачэнне, трэба ўспомніць усе цяжкія грахі і прызнацца ў іх. Але пажадана таксама дзеля працы над сабою ўспомніць і вызнаць таксама звычайныя грахі і свае заганы.

У нашай парафіі з сакраманту пакаяння можна скарыстацца паў-гадзіны перад кожнай святой Імшой.


 

 

Сакрамант Намашчэння хворых

Сакрамэнт намашчэння хворых з’яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў Новага Запавету, які таксама ўстанавіў Езус Хрыстус. У Святым Пісанні чытаем: «Цяжка нехта з вас мучыцца? Няхай моліцца. Весела каму? Няхай псальмы спявае. Занядужаў хто з вас? Пакліч прэзбітараў Касцёла, і няхай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Пана, – і малітва веры вылечыць хворага, і Пан падыме яго; і калі ён грахі ўчыніў, будуць знятыя з яго. Прызнайцеся адзін перад адным у правінах і маліцеся адзін за аднаго, каб паздаравець; шмат можа шчырая малітва справядлівага» (пар. Як 5, 13-16).

Хто можа прымаць?

  • Вернікі могуць прымаць гэты сакрамэнт тады, калі ім пагражае смерць з прычыны хваробы або старасці.
  • Намашчэнне можна паўтарыць у той самай хваробе, калі стан хворага пагаршаецца.
  • Гэты сакрамэнт можна ўдзяліць перад аперацыяй, калі прычынай аперацыі з’яўляецца небяспечная хвароба.
  • Старэйшым асобам са слабым здароўем, можна ўдзяліць намашчэнне, нават калі няма яўнай небяспечнай хваробы.
  • Гэты сакрамэнт удзяляецца таксама і хворым дзецям, нават у вельмі малым узросце (перад першай споведдзю і св. Камуніяй).
  • Непрытомным або псіхічна хворым ён удзяляецца тады, калі ёсць падставы сцвярджаць, што як веруючы ён жадаў бы прыняць гэты сакрамэнт.

Новыя абрады з 1972 г. прадугледжваюць удзяленне сакрамэнту намашчэння групе вернікаў у шпіталях або у касцёле (н.п., у Міжнародны дзень хворых – 11 лютага). Звычайна сакрамэнт намашчэння хворых спалучаецца з удзяленнем сакрамэнту паяднання і св. Камуніі ў форме Віатыку (ад лац. via, што азначае дарога), як дапамогі, эўхарыстычнага пасілку ў дарозе да дому Айца.

Калі ў сям’і цяжка хворы? Родныя, а часам і суседзі абавязаны па-хрысціянску паклапаціцца пра тое, каб хворы мог скарыстацца з дару святых сакрамэнтаў. Час хваробы, старасці, цярпення – гэта выпрабаванне нашай чалавечнасці і нашай веры. У гэты час мы асабліва чакаем Божай дапамогі, каб свядома і ў духу надпрыроднай веры і любові з’яднаць сваё цярпенне і смерць з цярпеннем Хрыста, каб цалкам з Ім удзельнічаць у змёртвыхпаўстанні і хвале. Трэба звярнуцца да святара, перад альбо пасля св. Імшы, каб дамовіцца пра адведзіны. Калі стан хворага пагаршаецца, неабхожна як мага хутчэй паклікаць святара да хворага.

Калі святар прыйшоў? У пакоі хворага трэба падрыхтаваць стол, засланы белым абрусам, на стале павінны быць крыж, дзве свечкі, асвячоная вада, крапіла, кавалачак ваты, шклянка звычайнай вады. Гаспадарам ці родным трэба выйсці насустрач святару, які ідзе са св. Камуніяй. Усе павінны прымаць актыўны ўдзел у літургіі ўдзяляемых сакрамэнтаў, толькі на час споведзі ўсе выходзяць з пакою хворага.


 

 

Сакрамант сужанства

Бог стварыў мужчыну і жанчыну па свайму вобразу і падабенству і паклікаў іх перадаваць наступным пакаленням новае жыццё як плён узаемнай любові сужэнцаў і як праяўленне любові Бога Творцы. Ад пачатку гісторыі чалавецтва сужэнства было святым саюзам, а Хрыстус нават узвысіў яго да годнасці сакрамэнту.
У сакрамэнце сужэнства мужчына і жанчына заключаюць саюз для супольнага жыцця, а таксама атрымліваюць Божую ласку для належнага выканання сужэнскіх абавязкаў, а асабліва для добрага выхавання патомства.

Для нарачоных:

  • Нарачоныя павінны звярнуцца да свайго пробашча не пазней як за 3 месяцы перад вызначанай датай шлюбу.
  • Прайсці перадшлюбны курс (дакладную інфармацыю атрымаеце ад святара)
  • Прынясці пасведчанне: св. Хросту, прынятага сакрамэнту канфірмацыі, св. Камуніі.

Каляндар свят

Нашы сябры