Рыма-Каталіцкая парафія

Маці Божай Бялыніцкай

"Маліцеся, калі маеце час, увесь Ружанец штодзённа - і ў гадзіну сваёй смерці вы будзеце благаслаўляць той дзень і тую хвіліну, калі мне паверылі" св. Людовік Грыньён дэ Манфор, (Трактат, 254)

На Магілёўшчыне з удзелам іерархаў адзначылі фэст у гонар Маці Божай Бялыніцкай


4 верасня ў Бялынічах на Магілёўшчыне адсвяткавалі адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Бялыніцкай — Бялыніцкі фэст.

Урачыстасці ў горадзе, дзе калісьці знаходзіўся адзін з найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных абразоў Маці Божай, сёлета ўпершыню ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Ва ўрачыстасцях узяў удзел таксама Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў.

З прывітальным словам да прысутных перад пачаткам цэлебрацыі звярнуўся біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Міска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які ўжо сем гадоў зяўляецца адказным за Магілёўскі рэгіён.

«Культ Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі, няспынна на нашай зямлі аднаўляецца і, канечне, павялічваецца.У гэтым годзе ўдалося арганізаваць пятую пілігрымку Магілёў – Бялынічы, у якой прыняло ўдзел 60 асоб. Гэта знак таго, што на Беларусі Бог жыве, і любоў да Маці Божай ўсё больш і больш павялічваецца ў сэрцах людзей», — адзначыў біскуп Яшэўскі. Заахвоціўшы да малітвы ва ўсіх інтэнцыях, з якімі вернікі прыбылі ў Бялынічы, іерарх пажадаў, каб Бог усіх падтрымаў і ўмацаваў сваёй ласкай, а Панна Марыя Бялыніцкая ахінула плашчом сваёй Матчынай апекі і абароны.

Гамілію падчас урачыстай святой Імшы прамовіў арцыбіскуп Станеўскі.

Ён заўважыў, што ў месяцы верасні, на пачатку навучальнага года, мы як вучні прыходзім у школу Найсвяцейшай Панны Марыі.

Іерарх дадаў, што сёння ў школе Марыі мы павінны яшчэ раз адказаць сабе на пытанне, з кім і за кім я крочу па жыцці. «Ісці за Езусам — вось нашая мэта. Святая Камунія і прыняцце Хрыста — гэта бальзам, гэта лек для нашых сэрцаў», — падкрэсліў арцыпастыр.

Гаворачы аб адраджэнні культу Маці Божай Бялыніцкай, іерарх пачаў з успаміну аб малой радзіме: «Чалавек заўсёды вяртаецца з любоўю туды, дзе праходзіла яго жыцце. Зноў і зноў мы вяртаемся на нашую малую радзіму. Сёння гэта трон Марыі, гэта Бялынічы». Арцыбіскуп звярнуўся да гісторыі святыні ў Бялынічах, якая бярэ пачатак у XVI стагоддзі.

«Нашыя продкі аддзячылі Марыі, збудаваўшы святыню: напачатку драўляную, потым мураваную. На працягу стагоддзяў будавалі і перабудоўвалі.

Змяняліся пакаленні, але нязменнай засталася апека Маці Божай над нашым народам»,— сцвердзіў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што абраз Маці Божай Бялыніцкай быў каранаваны папскімі каронамі ў 1761 годзе. «Сведкаў тых падзей няма з намі, але мы адчуваем іх прысутнасць праз лучнасць святых», — зазначыў іерарх. Не абмінуў ён і пажару, які здарыўся ў Бялынічах у жніўні 1859 года. Гэтай сумнай падзеі прысвяціла свой верш тагачасная беларуская польскамоўная паэтка Габрыэля Пузыня, чые радкі працытаваў іерарх.

Вяртаючыся да сучаснасці, арцыпастыр падкрэсліў важную ролю моладзі ў Касцёле, пра што на пачатку Імшы казаў таксама біскуп Яшэўскі. Маладым вернікам арцыбіскуп Станеўскі нагадаў словы Папы Францішка:

«Так, як было, ніколі не будзе, гэта гісторыя, але сеняшні дзень належыць нам. Вось дзень, які даў нам Пан, трэба радавацца і цешыцца. Сёння нельга губляць ахвоты на добрую перамену жыцця»,— заахвоціў іерарх.

Напрыканцы цэлебрацыі пробашч парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка падзякаваў прысутным біскупам, прэзбітэрам, міністрантам, хору, парафіянам і супрацоўнікам «Радыё Марыя» за трансляцыю Імшы.

На заканчэнне ўрачыстасці адбылося благаслаўленне новых вотумаў, якія вернікі прыносяць з розных парафій Беларусі, а таксама з розных куткоў свету. Гэтыя вотумы — асабісты дар, выраз пабожнасці, калі чалавек хоча за штосьці аддзячыць Богу або ахвяраваць у пэўнай інтэнцыі. Плануецца, што з часам з іх будуць зроблены каштоўныя кароны для абраза Маці Божай Бялыніцкай.

Тутэйшыя вернікі і іх пастыры не губляюць надзеі адшукаць страчаную святыню і вярнуць яе ў Бялынічы — месца, абранае самой Багародзіцай.

Каляндар свят

Нашы сябры