Рыма-Каталіцкая парафія

Маці Божай Бялыніцкай

"Вялікі знак з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак."
Ап 12,1

Каляда – пастырскае наведванне сем’яў

Цягам апошніх дзён жыхары нашага горада і раёна могуць часта заўважыць каталіцкага святара, які то тут, то там паяўляецца дзіўна, бо не зразумела чаму менавіта так, апрануты. Чорная сутана, белая комжа, паверх якой сімвал святарскай улады – стула. Працоўнік аднага прадпрыемства, з каторым мы часта сустракаемся на вуліцы, аднойчы запытаўся чаму я так апрануты і ці гэта азначае, што хтосьці памёр?

 

Гэта не звязана са смерцю людзей. Такім чынам з чым?

Пасля святаў Божага Нараджэння ў парафіях праходзіць традыцыйная «Каляда». Аднак, як паказвае практыка, не ўсе добра ўсведамляюць, дзеля чаго святары ходзяць па дамах вернікаў.
Ах, дык гэта вы калядуецце! - выказаў зразуменне мой суразмоўца.
Аднак тое, што мы часта называем “Калядой”, насамрэч з’яўляецца пастырскім наведваннем сем’яў.

Парафіі (тэрытарыяльная адзінка) ахопліваюць пэўную тэрыторыю, і душпастыры, якія нясуць у іх служэнне, адведваюць сваіх вернікаў, якія прыналежаць да гэтай парафіі.

Якая мэта калядавання святаром?

Святар моліцца разам з гаспадарамі, удзяляе ім благаслаўленне і акрапляе дом асвячонаю вадою. Гаспадары звычайна дзякуюць святару за супольную малітву і благаслаўленне дома, складаючы сімвалічнае ахвяраванне.

Аднак не трэба адмаўляцца ад запрашэння святара з-за складанага матэрыяльнага становішча: мэта наведвання сем’яў — пастырская, а не «камерцыйная». Інакш кажучы, за «Каляду» не трэба «плаціць». Бо мэта касцёльнай «Каляды» не ў тым, каб сабраць ахвяраванні, хоць яны таксама патрэбныя на розныя парафіяльныя выдаткі. Душпастырам перш за ўсё неабходна ведаць, колькі вернікаў жыве ў іх парафіі і якія яны маюць духоўныя патрэбы.

Як кажа папа Францішак, добры пастыр павінен «ведаць запах сваіх авечак». Гэта значыць, што святару неабходна сустракацца з людзьмі не толькі ў касцёле, але і ў іх дома, каб плённа спадарожнічаць ім у духоўным жыцці, ведаючы іх радасці але таксама і цяжкасці. Канешне, вернікі могуць быць упэўненымі ў тым, што ўсё, пра што размаўляем са святаром, застанецца толькі паміж імі. Як на споведзі.

Чаго не варта рабіць падчас «Каляды»?

Не варта настойліва частаваць святара, калі пра гэта не было папярэдне дамоўлена. Калі аднак святар прымае запрашэнне сесці разам з сям’ёю за святочны стол, на ім ні ў якім выпадку не можа быць алкаголю.

Як арганізуецца «Каляда»?

Зазвычай у касцёле на Імшах робяцца аб’явы, у які дзень і па якой вуліцы святар будзе «хадзіць па Калядзе». Аднак можа практыкавацца індывідуальная дамоўленасць, калі вернікі, якія жадаюць запрасіць да сябе святара, асабіста дамаўляюцца на канкрэтны час. Гэта асабліва актуальна ў тых выпадках, калі хтосьці першы раз хоча запрасіць да сябе святара, бо раптам прыпомніў, што ён, або яго продкі католікі. Але таксама каталіцкага святара можа запрасіць для асвячэння дома кожны чалавек добрых намераў.

У месцы, дзе сям’я звычайна збіраецца на малітву, неабходна падрыхтаваць крыж, асвечаную ваду і крапіла (аднак зазвычай святар мае з сабой крапіла, а звычайную ваду асвеціць выключна і ў вашым доме – ён жа святар, ён справіцца), запаліць свечку.

Усё гэта можна падрыхтаваць на стале, заслаўшы яго прыгожым абрусам. Калі ў доме ёсць рэлігійныя рэчы, якія неабходна благаславіць, іх таксама можна пакласці на стол.

Вось так. Да сустрэчы! Кс. Юзаф Сярпейка, пробашч.
(выкарыстаны матэрыялы catholic.by)

Каляндар свят

Нашы сябры