Рыма-Каталіцкая парафія

Маці Божай Бялыніцкай

"Суботу прысвячаем нашай Маці, бо менавіта ў гэты дзень, калі памерлы Хрыстус знаходзіўся ў магіле, Яна захавала веру ў Яго таямніцу."
св. Томаш Аквінскі

Парафія Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах запрашае на Саракагадзіннае Набажэнства

 

Саракагадзіннае Набажэнства нясе ў сабе вельмі глыбокае значэнне і з’яўляецца духоўным багаццем супольнасці Касцёла (больш падрабязна пра гісторыю Саракагадзіннага Набажэнства па спасылцы: http://belynichi.by/index/home-20190524-0947/?lang=be).

У ранейшыя часы было вельмі распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі і асабліва ў нашай парафіі ў Бялынічах. Мы маем вялікае жаданне аднавіць гэтую прыгожую і пабожную практыку. Падчас адаравання Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, мы хочам выпрасіць у Бога патрэбную дапамогу ў развіцці нашай парафіі і Касцёла на Магілёўшчыне. Таму ўзнікла ідэя вярнуцца да таго, што найбольш істотнае – да Езуса. Да Езуса ўкрытага ў Найсвяцейшым Сакраманце. Падчас гэтага Набажэнства мы найперш хочам перапрасіць Бога за свае грахі і грахі тых, хто гэтага не робіць.

За грахі разбурэння святыні ў Бялынічах, за грахі святароў і супраць святароў, за грахі вернікаў і супраць вернікаў, за ўсе святатацтвы і зневажанне Божага імя, а таксама за ўсе блюзнерствы супраць Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых.

Падзеі апошняга стагоддзя вымагаюць ад нас адназначна абараняць і выконваць Божы Закон у нашым жыцці і жыцці ўсяго грамадства. Таму першапачаткова належыць адкінуць ад сябе ўсё, што забівае нас як людзей і як народ: грахі аборцыі, матэрыялізм, пыху, фарысейства, ляноту, п’янства, нячыстасць,  сэксуальную развязанасць і ідалапаклонства.

Нашая парафія зусім невялікая ў колькасці вернікаў. Таму шчыра просім усіх людзей добрай волі прыехаць да нас і ўдзельнічаць у Саракагадзінным Набажэнстве падчас якога сорак гадзін запар будзе выстаўлены Езус Хрыстус ў Найсвяцейшым Сакраманце. Запрашаем Вас адгукнуцца на нашу глыбокую просьбу і быць духоўным валанцёрам падчас гэтага Набажэнства.

Калі хочам захаваць і ўмацаваць нашу хрысціянскую тоеснасць, то мы павінны ізноў даверыць лёс нашага народу Марыі Каралеве Беларусі, адначасова просячы Бога аб прабачэнні за ўчыненыя грахі і прабачаючы ўсе атрыманыя крыўды на працягу вякоў.

Саракагадзіннае Набажэнства мы плануем распачаць 06 верасня Святой Імшой а 19:00 гадзіне, якую ўзначаліць пробашч Крычаўскай Парафіі кс. Павел Адамовіч. Святая Імша ў суботу 07 верасня адбудзецца таксама а 19:00 гадзіне,  якую ўзначаліць а. Сяргей Мацюшонак OFMCap, пробашч у Смалявічах. Набажэнства закончыцца ўрачыстай Святой Імшой а 15:00 гадз. у нядзелю 08 верасня, цэлебрацыю якой узначаліць Я.Э. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Просім запоўніць заяўку на ўдзел у Набажэнстве ў якой можна выбраць адпаведныя для сябе гадзіны адарацыі (https://forms.gle/paumaNoGuNswpjaz8), каб мы мелі магчымасць падрыхтаваць для Вас адпаведныя ўмовы.

Ужо цяпер шчыра ўсім дзякую і благаслаўляю перад абліччам Найсвяцейшай Панны Марыі ў Яе Бялыніцкай іконе.

Кс. Юзаф Сярпейка, адміністратар парафіі.

Каляндар свят

Нашы сябры