Рыма-Каталіцкая парафія

Маці Божай Бялыніцкай

"Маліцеся, калі маеце час, увесь Ружанец штодзённа - і ў гадзіну сваёй смерці вы будзеце благаслаўляць той дзень і тую хвіліну, калі мне паверылі" св. Людовік Грыньён дэ Манфор, (Трактат, 254)

І Святая Камунія ў Бялынічах

Месяц май, а часам і чэрвень — час, калі дзеці і моладзь прыступаюць да першай споведзі і Першай святой Камуніі. Дзяўчаты ў белых сукенках і хлопцы ў белых альбах становяцца сведкамі вялікага цуду і прымаюць Цела Хрыста.

Першая Камунія дзіцяці — гэта перш за ўсё радасць для тых, хто ўжо адкрыў Эўхарыстыю, перажыў знаёмства з гэтым сакрамэнтам, а значыць адкрыў прысутнасць Хрыста ў Касцёле і ў нашым жыцці.

У нашай парафіі Маці Божай Бялыніцкай у гэтым годзе мы таксама перажывалі такую прыгожую урачыстасць. Намаганнямі бацькоў, с. Веры катэхэткі, але і супольнай малітвай усёй парафіі чацвёра дзетак ва ўзросце 9 – 11 гадоў з’ядналася з Езусам спажываючы Яго святое Цела.

Гэтая падзея прыгожая таксама і тым, что яна з’яўляецца першай пасля доўгагадовага перапынку. Менавіта апошні раз у Бялынічах урачыста да І Святой Камуніі прыступілі 1-га чэрвеня 1997 г., калі функцыі пробашча выконваў кс. Караль Тамэцкі. Пазней таксама святкаваліся такія ўрачыстасці, але дзяцей вазілі ў касцёл св.св. Пятра і Паўла ў Шклове, або ў касцёл Унебаўзяцця НМП у Магілёве.

2-га чэрвеня 2019 г. стаў днём, які будуць памятаць асаблівым чынам тры дзяўчынкі і адзін хлопчык. Дзень, які не заменяць аніякія падарункі і іншыя падзеі. Эўхарыстыя прыпамінае нам аб змёртвыхпаўстанні і таму ўдзел у ахвяры Святой Імшы дае нам новае жыццё. Мы ўсе вельмі спадзяёмся на тое і молімся аб тым, што гэтыя чацвёра дзетак стануць побач з намі каб будаваць духоўную супольнасць парафіі, годна і пабожна прымаючы Цела Хрыста. Момант прыняцця Святой Камуніі вядзе да поўнай еднасці з Целам і Крывёю Хрыста. Менавіта Святая Камунія стварае супольнасць, яднае, будуе з нас Касцёл, у каторым мы з’яўляемся і адчуваем сябе братамі і сёстрамі адной Маці.

Пасля Імшы – паколькі 2 чэрвеня прыпадала першая нядзеля месяца, адарацыйная – перад выстаўленным у манстранцыі Езусам, маліліся літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Якому прысвяцілі нэокамунікантаў.

Маці Божая Бялыніцкая – маліся за іх!

Каралева Беларусі – маліся за нас!

Каляндар свят

Нашы сябры