Рыма-Каталіцкая парафія

Маці Божай Бялыніцкай

"З усіх малітваў ружанец найпрыгажэйшы i найбольш багаты на ласкі. Таму кахайце ружанец i маліцеся на ім штодзённа і пабожна."
Папа Пій XI

Пастырскае пасланне на Тыдзень малітваў аб пакліканнях

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

БОГ МЯНЕ КЛІЧА

Пастырскае пасланне на Тыдзень малітваў аб пакліканнях

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Сёння, у чацвёртую Велікодную нядзелю, якая называецца нядзеляй Добрага Пастыра, Каталіцкі Касцёл распачынае Тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Езус прадстаўляе сябе як добрага пастыра, які аддае сваё жыццё за даручаных яго апецы авечак (гл. Ян 10, 11). Ён не пакідае нават адной, якая згубілася, і шукае яе (пар. Мц 18, 12–13). Гэтым адрозніваецца добры пастыр ад найміта, які пры небяспецы пакідае статак і ўцякае (пар. Ян 10, 12–13).

Адным з найважнейшых і найбольш актуальных выклікаў Касцёла на Беларусі з’яўляецца малая колькасць пакліканняў, і таму Касцёл не можа ў поўнай меры ажыццявіць сваю місію быць «сакрамэнтам паўсюднага збаўлення» (пар. LG 1).

Тыдзень малітваў аб пакліканнях з’яўляецца добрай нагодай з’яднаць нашыя малітвы ў гэтай інтэнцыі. Езус кажа, што без Яго нічога не зможам (пар. Ян 15, 5). Ён таксама заклікае да малітвы ў інтэнцыі пакліканняў: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё» (Лк 10, 2). Выкарыстаем гэту нагоду, каб выпрасіць у Бога ласку шматлікіх і святых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця.

2. Пэўны святар так успамінае гісторыю свайго паклікання. Скончылася школа, было прыгожае гарачае лета. Са сваімі сябрамі ён сядзеў на лаўцы ў парку і радаваўся добраму надвор’ю і паспяховаму заканчэнню школы. Размаўлялі яны і пра сваю будучыню, хто і куды пойдзе вучыцца.

Нечакана ён убачыў святара, які вельмі спяшаўся. Здавалася, што ён не бачыў свету, бо бег, як пастыр за згубленай авечкай ці лекар да хворага. Для святара свет не існаваў. Ён ішоў з Богам. Куды? Напэўна, каб паспець да чалавека, якому была патрэбна яго пастырская паслуга.

Тады я не ведаў адказу на гэтае пытанне, як і не ведаю сёння, кажа святар. Але ўва мне нешта перамянілася. Я стаўся іншым чалавекам. Нехта дакрануўся да мяне і не даваў спакою. Гэта быў Бог, які такім чынам паклікаў мяне да святарства.

3. Ці ты, малады чалавек, які чуеш гэты аповед, адчуваеш пакліканне? Няма людзей без паклікання. Бог кліча кожнага. Найперш кожны з нас пакліканы да святасці. Адны рэалізуюць гэтае пакліканне як сужэнцы, іншыя — як самотныя асобы, яшчэ іншыя — як святары ці кансэкраваныя асобы.

У гэтым закліку да святасці знаходзіцца пасланне да любові ці служэння. Сужэнцы служаць адно аднаму і дзецям, святары і кансэкраваныя асобы — людзям. Сёння, калі распачынаем Тыдзень малітваў аб пакліканнях, мы з любоўю глядзім на Езуса, які з’яўляецца добрым пастырам, што ведае сваіх авечак і якога яны таксама ведаюць (пар. Ян 10, 14).

4. Напэўна, не адзін з нас запытаецца: «Аб якім пастыры, авечках ці статку ідзе мова?» Для сучаснага чалавека такія рэчы амаль што невядомыя, а калі вядомыя, то для вельмі малой колькасці людзей. Большасць іх жыве ў горадзе, і яны нічога не ведаюць пра статкі авечак, пра пастыраў і пра пашу. Аднак сёння ў нашых гарадах, і не толькі, можна заўважыць людзей, якія выглядаюць як авечкі без пастыраў.

Колькі людзей у супермаркетах і на вуліцах. Яны, як у мурашніку, снуюць туды-сюды, чагосьці шукаюць або проста так ходзяць, бо любяць праводзіць час у крамах без ніякай патрэбы і мэты. Сапраўды, яны выглядаюць як авечкі без пастыраў.

І тут паўстае пытанне: «Куды яны спяшаюцца? Ці патрэбны ім Бог? Ці патрэбны ім святар?» Часам здаецца, што не. Іх святыняй становіцца супермаркет. Але ці прыносіць ён ім шчасце? Ці сказаў хтосьці ім, што яны Божыя дзеці? Ці ведаюць яны, што акрамя Езуса «няма ні ў кім збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мы можам атрымаць збаўленне» (Дз 4, 12).

5. Нягледзячы на такія трывожныя секулярныя тэндэнцыі сучаснасці, тым не менш нярэдка ўзнікае пытанне: «Хто можа даць нам Бога?» Адказ адзін: «Святар».

У адной з кніг пра Другую сусветную вайну знаходзіцца вельмі цікавы і павучальны аповед пра святара. Савецкія войскі сустрэліся з саюзнікамі, сярод якіх было шмат католікаў, чые духоўныя патрэбы забяспечваў іх ваенны капелан. Перад Імшой ён спавядаў жаўнераў. Савецкі жаўнер уважліва прыглядаўся да ўсяго, што адбывалася, і потым спытаў: «А мне можна?» На яго пытанне святар адказаў пытаннем: «А ты католік?» «Не ведаю», — адказаў жаўнер. «Ты праваслаўны?» — «Не ведаю». — «Ты ахрышчаны?» — «Не ведаю». «Дык чаго ж ты хочаш?» — спытаў святар. «Бога, бо ты Яго даеш», — адказаў савецкі жаўнер.

6. Хоць мы ўсё яшчэ адчуваем вялікі недахоп святароў, тым не менш сітуацыя значна лепшая, чым 30 гадоў таму. І мы прызвычаіліся, што часта сустракаем святароў і кансэкраваных асобаў.

Але кім на самай справе з’яўляюцца гэтыя «носьбіты Бога»? Як мы іх успрымаем? Людзі, апранутыя ў чорную сутану, якая крые ў сабе магію зашпільвання вялікай колькасці гузікаў. Адметнасць святара таксама Брэвіярый — кніга Літургіі гадзінаў, — па якой ён моліцца кожны дзень, і ружанец. Іх найчасцей можна ўбачыць у руках святароў.

Святары жывуць у сваіх парафіях, якія з’яўляюцца іх сем’ямі. Яны з людзей узятыя і для людзей прызначаныя ў Божых справах (пар. Гбр 5, 1). Яны маюць вусны, каб абвяшчаць Божае слова і цэлебраваць сакрамэнты. Маюць далоні, каб благаслаўляць. Святар трымае ў руках хлеб, які падчас Эўхарыстыі становіцца Целам Хрыста. Святар з’яўляецца слухачом, за якім стаіць Хрыстус у сакрамэнце пакаяння. Святар паказвае дарогу да Бога і шлях збаўлення.

Ці гэта не цудоўна мець таго, хто ведае рэцэпт вечнага шчасця? Таму нам патрэбны святары. Бог не раздае мапаў ці навігатараў, якія вядуць да неба, — іх замяняюць святары.

Для выканання гэтага высакароднага і адначасова вельмі адказнага задання, калі неабходна змагацца з небяспечнымі амаральнымі выклікамі часу, святары самі павінны быць апрануты ў панцыр веры, каб быць сябрамі Божага войска. Яны павінны пільнаваць свой статак, якім з’яўляюцца вернікі.

7. Святар, які дае людзям Бога, сам з’яўляецца звычайным чалавекам. Можа быць вясёлым і сумным, здаровым і хворым. Можа паглядзець футбольны ці хакейны матч, пакатацца на ровары, паслухаць добрую музыку, схадзіць у тэатр і г.д. Ён, як і кожны іншы чалавек, мае свае добрыя якасці і недахопы, павінен змагацца са слабасцямі і т.п. Ён становіцца мостам паміж тым, што боскае і чалавечае, паміж тым, што нябеснае і зямное. Ён — гэта звычайны і смяротны чалавек, які адначасова дакранаецца да святога і вечнага Бога.

Таму святар з’яўляецца носьбітам таямніцы перадачы Божай моцы. Не толькі пры алтары ці ў канфесіянале, але і ва ўсіх абставінах штодзённага жыцця. Менавіта таму Касцёл навучае, што дзякуючы святарству даручанае праз Хрыста апосталам пасланніцтва надалей здзяйсняецца ў Касцёле аж да сканчэння веку (пар. ККК, Кампендый 322).

Мінула 20 стагоддзяў ад Апошняй Вячэры, калі Езус, устанаўліваючы сакрамэнт святарства, сказаў: «Гэта чыніце на Маю памяць». Хрыстус надалей патрабуе вуснаў, якія будуць паўтараць іх; патрабуе рук, якія будуць благаслаўляць і адпускаць грахі; патрабуе ног, якія панясуць Евангелле ў свет і будуць спяшацца са святарскай паслугай да людзей; патрабуе сэрцаў, якія будуць любіць усіх.

Як прыгожа гучць сцвярджэнне, што святар дзейнічае не сваёй моцай, а Хрыстовай, калі кажа: «Я цябе хрышчу, адпускаю грахі, благаслаўляю і г.д.». Сапраўды, гэта так узнёсла і велічна, што паўстае пытанне: «Кім я з’яўляюся, што так шмат атрымаў?» Так і хочацца працытаваць словы Бога з Кнігі прарока Ераміі: «Раней, чым Я ўтварыў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе: прарокам народам паставіў цябе» (Ер 1, 5). Бог ведае, што робіць, і ніколі не памыляецца. Яго заклік цалкам выключны, таму варта яго прыняць, бо ў гэтым — гарантыяй шчасця і святасці.

8. Святарства — гэта дар і адказнасць. Таму нялёгка быць святаром, не заўсёды ўдаецца знайсці згубленую авечку, не заўсёды святар знойдзе разуменне ў людзей, асабліва ў наш час адкідання духоўных каштоўнасцяў і прапаганды секулярнага стылю жыцця.

Нягледзячы на гэта, Хрыстус, які сам спазнаў шмат цяжкасцяў, не перастае паўтараць: «Ідзі за Мною» (Мц 8, 9). Сёння Ён прамаўляе да цябе, малады чалавек, бо ты патрэбны Яму.

9. Баішся? Кажаш, гэта не для мяне, я не здольны? Не бойся, бо калі Бог кліча, Ён дасць сілы вытрываць у пакліканні. Даверся Богу. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што веліч святарства Езуса Хрыста, можа, нас палохае. Як св. апостал Пётр, мы можам казаць: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны» (Лк 5, 8), паколькі цяжка паверыць у тое, што Бог нас паклікаў. Ці не мог выбраць кагосьці іншага, больш разумнага і святога? Аднак на кожнага з нас, святароў і кансэкраваных асобаў, Езус скіраваў свой міласэрны позірк, і Яму неабходна даверыць сябе (пар. Бэнэдыкт XVI. Apostolische Reise nach Polen: Treffen mit dem polnischen Klerus in Warschau: 25. Mai 2006).

Узгадаем пакліканне караля Давіда, якое сведчыць пра тое, што Божыя крытэрыі выбару адрозніваюцца ад чалавечых: «Ці гэта ўсе твае сыны? Той адказаў: Застаўся яшчэ малодшы, ён пасвіць авечак. І сказаў Самуэль Есэю: Пашлі, каб прывялі яго, бо не сядзем за стол, пакуль не прыйдзе. Тады Есэй паслаў па Давіда, і прывялі яго. Ён быў руды, меў прыгожыя вочы і прывабны выгляд. І сказаў Пан: Устань і намасці яго, бо гэта ён. Тады Самуэль прынёс рог з алеем і намасціў яго між братоў ягоных. І Дух Пана сышоў на Давіда пасля таго дня» (1 Сам 16, 7. 11–13).

10. Езус называе сябе добрым пастырам (гл. Ян 10, 11). Наша краіна заўсёды мела шмат добрых і святых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Многія з іх сталі сапраўднымі сведкамі веры і ў часы ганенняў адважна пацвердзілі гэта сваёй мучаніцкай смерцю.

І сёння, у XXI стагоддзі, ёсць тыя, хто, нягледзячы на гарачы летні дзень і стомленасць, спяшаецца да патрабуючых і тым самым становіцца сучасным добрым пастырам.

За ўсіх іх сёння дзякуем Богу. Няхай іх цярпенні, ахвяры, сведчанні і пралітая кроў стануць жыццядайным зернем новых шматлікіх святарскіх і манаскіх пакліканняў у нашай Айчыне.

Божа, выслухай нашы малітвы і пашлі нам святароў паводле Твайго Сэрца.

Давяраючы справу паклікання да святарства і кансэкраванага жыцця Марыі, усіх вас ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, † і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 3 мая 2019 г.,

свята св. Філіпа і Якуба, апосталаў

 

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen Gentium (LG).

2. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый. Мінск. «Про Хрысто», 2010 (ККК, Кампендый).

3. Бэнэдыкт XVI. Apostolische Reise nach Polen: Treffen mit dem polnischen Klerus in Warschau (25. Mai 2006): http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/pl/speeches/2006/may/documents/hf_ben-xvi_spe_20060525_poland-clergy.html.

 

P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае Пасланне вернікам у чацвёртую Велікодную нядзелю, 12 мая 2019 г.

Каляндар свят

Нашы сябры